Беларускі куток у павільёне нацыянальных аб’яднанняў падчас адкрыцця “Свята песні” “Vardan tos…” (“У імя той…”)

Ля стала з вырабамі народнага майстра Беларусі па пляценні з саломкі Валянціны
Вільеўны Віннічак


Шмат цікавага было на адкрыцці Свята песні, але найбольшую ўвагу гледачоў і фотакарэспандэнтаў прыцягнулі, як нам падаецца, вырабы з саломкі, якія ласкава пагадзілася паказаць наша госця з Астраўца сп. Валянціна Вільеўна Віннічак.

Валянціна Вільеўна сярод сваіх вырабаў

Народны майстар, член Саюза народных майстроў Беларусі з 2007 г., неаднаразовы ўдзельнік шматлікіх кірмашоў, выстаў, усемагчымых святаў і фестываляў Валянціна Віннічак гэтым разам завітала да нас – на Свята песні, прысвечанае 100-м угодкам падпісання ў Вільні 16 лютага 1918 г. Акта незалежнасці Літвы, удзел у якім, у ліку іншых нацыянальных аб’яднанняў краіны, бяруць і прадстаўнікі беларусаў Літвы.

І хоць з надвор’ем нам не вельмі пашанцавала – было зімна і ішоў дождж – людзей на Ратушнай плошчы ў Вільні не бракавала, а па-святочнаму прыўзняты настрой суправаджаў удзельнікаў Свята ад самай раніцы да позняга вечара. Трэба думаць, спрыяў гэтаму настрою і высокі ўзровень вырабаў Валянціны Вільеўны, ад якіх яшчэ здалёк веяла святлом, цяплом і нейкай ціхай невыказнай радасцю. Нездарма, відаць, Дэпартамент нацыянальных меншасцей пры Ўрадзе Літоўскай Рэспублікі
выказаў Валянціне Віннічак за ўдзел і папулярызацыю ў Літве беларускай народнай творчасці пісьмовую падзяку, з чым мы ад душы і віншуем яе!

Побач з такой прыгажосцю сэрца міжволі напаўняецца радасцю і цеплынёй
Ванда Марцінс з толькі што набытым залатагрывым скакуном