З нагоды 500-х угодкаў беларускага першадрукара, гуманіста і асветніка Францішка Скарыны і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання мы ў чарговы раз ладзім цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай круглай даце, якія адбудуцца 15-17 лістапада.Гэтым разам квінтэсенцыяй праграмы мае стаць прэзентацыя кнігі “500
гадоў беларускага кнігадрукавання”, якая выйшла ў 2017 годзе ў выдавецтве
“Літаратура і мастацтва” ў Менску.
Прэзентацыя кнігі адбудзецца ў суботу – 16 лістапада – ў Доме
нацыянальных аб’яднанняў (Raugyklos g. 25, Vilnius).
Пачатак а 15.00.
Да ўдзелу ў прэзентацыі запрошаны:
– адзін з найлепшых даследчыкаў гісторыі кнігі ў Беларусі, прафесар
Кафедры бібліятэчна-інфармацыйнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага
ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ларыса Іосіфаўна Доўнар;
– беларуская паэтэса, пісьменніца, журналістка, член Саюза беларускіх
пісьменнікаў Людміла Іванаўна Рублеўская;
– беларускі паэт, празаік, перакладчык і адзін з укладальнікаў гэтай кнігі
Віктар Анатолевіч Шніп.
Акрамя таго, напярэдадні прэзентацыі – у пятніцу (15 лістапада) а 13.15 –
мае адбыцца ўскладанне кветак да мемарыяльнай дошкі памяці Францішка
Скарыны (Didžioji g. 19A, Vilnius) і экскурсія па Віленскім універсітэце з
магчымасцю дакрануцца да выдадзенага ў Вільні ў 1525 г. “Апостала”, адзіны ў Літве экзэмпляр якога захоўваецца ў бібліятэцы ўніверсітэта (пачатак а 14.00), а на наступны пасля прэзентацыі дзень – у нядзелю (17 лістапада) а 12.00 – у касцёле св. Апостала Барталамея (Užupio g. 17A, Vilnius) – урачыстае богаслужэнне за спачын душы Францішка Скарыны.
Шчыра запрашаем!