Вэрнісаж сталічнага мастака Зьміцера Яфрэменкава пад назоваю “Старая Вільня” прайшоў напачатку чэрвеня ў Віленскім Доме нацыянальных суполак.
У сваіх графічных працах мастак зафіксаваў касьцёл Сьв.Казімера, царкву Сьв.Тройцы, Харальную Сінагогу, Ратушную плошчу і іншыя знаёмыя кожнаму жыхару сталіцы аб’екты Старога гораду. Самім віленчукам на манахромных карцінах Зьміцера Яфрэменкава адводзіцца толькі другарадная роля: утвораныя параю штрыхоў фігуры гараджанаў, здаецца, трапілі ў поле зроку мастака выпадкова.
— Можа, гэта такі этап, мой асабісты, магчыма, я пазьней перайду да колераў. Пакуль што ў гэтым ёсьць нешта цікавае, – паведаміў Зьміцер Яфрэменкаў. – Гэтак маляваць тэхнічна прасьцей, і чамусьці тут гэта пайшло: калі я прыехаў у Вільню і пачаў усюды шпацыраваць, пабачыў, што трэба рабіць менавіта гэтак.
Тэхнічна выкананьне займае зусім няшмат часу – дзьве-тры гадзіны, галоўнае – падрыхтавацца да працы адпаведна, каб у галаве ўсё сфармавалася. Раз-пораз бярэ роздум: а ці трэба гэта ўсё?
Другую частку выставы складаюць раньнія працы Зьміцера Яфрэменкава: марскія і гарадзкія пэйзажы і партрэты, выкананыя ў разнастайных тэхніках жывапісу.
Гэта першая выстава працаў мастака ў Вільні. Раней, паводле Зьміцера Яфрэменкава, яму ўжо даводзілася выносіць свае працы на суд грамадзкасьці. Пэрсанальная выстава ягоных твораў адбылася
амаль дваццаць гадоў таму. Тады ўвазе гледачоў Зьміцер Яфрэменкаў прадставіў сваю творчасьць у іншым відзе выяўленчага мастацтва.
— Я выстаўляўся шмат разоў, яшчэ калі працаваў у мастацкім фондзе Саюзу мастакоў РСФСР у Санкт-Пецярбургу, – прызнаўся мастак. – Была ў мяне і адна пэрсанальная выстава ў 1999 годзе. Там быў жывапіс і кераміка. Я паводле адукацыі кераміст, закончыў катэдру керамікі і шкла Ленінградзкай вышэйшай мастацка-прамысловай вучэльні імя В.Мухінай, займаўся ў жыцьці керамікай і вітражамі.
Пятнаццаць гадоў таму Зьміцер Яфрэменкаў стварыў студыю керамікі, якой кіраваў да 2015 г. Два гады таму ён разам зь сям’ёй перабраўся ў Вільню: жонка мастака Тацьцяна Сарока зьяўляецца ўнучкай віленскага беларускага грамадзкага дзеяча пэрыяду міжваеннага дваццацігодзьдзя Сяргея Сарокі.
Сяржук Гаўрыленка,
фота аўтара