Скарынаўскія чытанні-2017 у Вільні

У лістападзе ў Вільні праходзілі Скарынаўскія чытанні “Кніжная традыцыя Вялікага Княства Літоўскага”, прысвечаныя 500-годдзю выдадзенай ў 1517 годзе ў Празе першай друкаванай кнігі нацаркоўнаславянскай мове, набліжанай да тагачаснай жывой русінскай (старой беларускай) мовы. Чытанні сабралі тых, хто цікавіцца супольнай гісторыяй Літвы і Беларусі, гісторыяй кнігі, кніжнай традыцыяй Вялікага Княства Літоўскага і беларускага кнігадрукавання ў прыватнасці.

У першы дзень чытанняў у Літоўскай нацыянальнай бібліятэцы імя Марцінаса Мажвідаса адбыўся сумесны прагляд і абмеркаванне кінафільма “Я, Францыск Скарына” (“Беларусьфільм”, 1969).

На другі дзень удзельнікі чытанняў усклалі кветкі да мемарыяльнай дошкі Францыску Скарыну, у Пятніцкай царкве прайшло ўрачыстае богаслужэнне памяці слыннага першадрукара і асветніка.

Потым удзельнікаў чытанняў чакала пазнавальная экскурсія па Віленскім універсітэце.

Падчас экскурсіі ўдзельнікі чытанняў прагуляліся па ўніверсітэцкіх дворыках, наведалі залю імя Францішка Смуглевіча, дзе маглі дакрануцца да знакамітага скарынаўскага “Апостала”, які захоўваецца ў бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта.

Вельмі цікавай часткай экскурсіі стала наведванне абсерваторыі Віленскага ўніверсітэта.

У Скарынаўскіх чытаннях (яе акадэмічнай частцы) браў удзел Яго Эксцэленцыя Тадэвуш Кандрусевіч — каталіцкі архібіскуп-мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

“2017 год – знакавы ў многіх краінах свету, з якімі было звязана жыццё і дзейнасць Скарыны. Мы ганарымся сваім суайчыннікам і адзначаем, што спадчына Скарыны належыць усёй еўрапеўскай супольнасці,” – падкрэсліла Людміла Татарыновіч, дарадца-пасланнік пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы.

Падчас акадэмічнай часткі чытанняў удзельнікі пачулі даклады беларускіх, літоўскіх і рускіх навукоўцаў, праца якіх звязана з даследваннем кніжнай традыцыі Вялікага княства Літоўскага.

Тэмы, што прагучалі на чытаннях, былі наступныя:

  • Кнігавыдавецкая дзейнасць у Вялікім княстве Літоўскім у 16 ст.;
  • Скарынаўскія пераклады як крыніца багемізмаў у іншых славянскіх мовах;
  • Лёс кірылічнага кнігадрукавання ў Вільні ў 18 – пач. 19 ст. ;
  • Старабеларуская і новая беларуская літаратурная мова: пераемнасць традыцый;
  • Партрэт Францыска Скарыны ў апублікаваных кнігах Бібліі 1517 і 1518 гг.;
  • Прадмова Ф. Скарыны да Псалтыра. Вопыт рэлігіязнаўчага аналізу;
  • Святкаванне юбілеяў беларускага кнігадрукавання ў Полацку ў 1925 і 1967 гг.;
  • Ушанаванне памяці пра дзейнасць усходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны на старонках савецкіх перыядычных выданняў;
  • Ілюстрацыя да Акафіста Жываноснаму Гробу Гасподню ў Малой падарожнай кніжыцы Францыска Скарыны: новая інтэрпрэтацыя.

Арганізатарамі чытанняў выступілі Беларускі клуб “Сябрына” ў Вільні, Інстытут літоўскай мовы і Асацыяцыя беларусістаў Літвы разам з Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы і Віленскай гімназіяй імя Францыска Скарыны.

Фундатары:

Дэпартамент нацыянальных меншасцей пры Урадзе Літоўскай Рэспублікі
Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы
Віленскае гарадское самакіраванне
Акадэмія навук Літвы
Бібліятэка Віленскага ўніверсітэта
Літоўская нацыянальная бібліятэка імя Марцінаса Мажвідаса.

Больш фотаздымкаў са Скарынаўскіх чытанняў вы можаце паглядзець у рубрыцы “Фотагалерэя”.