8 лістапада ў 17:00 у выставачнай зале Музея тэатра, музыкі і кіно Літвы адкрыецца выстава “Марк Шагал. Пачатак”, прысвечаная аднайменнаму беларускаму мультфільму. Выстава падрыхтаваная супрацоўнікамі Музея гісторыі беларускага кіно – філіяла Дзяржаўнай установы “Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь». Асаблівасцю адкрыцця выставы ў Вільні стане выступленне мастака-пастаноўшчыка мультфільма Алы Мацюшэўскай і прэм’ерны паказ з субцітрамі на літоўскай мове.
Выстава будзе працаваць да 27 лістапада.
На выставе прадстаўлены разнастайныя эскізы да мультфільма «Марк Шагал. Пачатак» (студыя анімацыйных фільмаў Нацыянальнай к/с «Беларусьфільм», рэжысёр Алена Пяткевіч), якія адлюстроўваюць творчы пошук аўтараў, асноўныя этапы іх працы – раскадроўка (выяўленчы канспект будучага фільма), падрыхтоўчыя эскізы да фільма з цытатамі з аўтабіяграфічнай кнігі «Марк Шагал. Маё жыццё», стылявыя эскізы і, нарэшце, кадры з фільма.
Аўтары – мастак-пастаноўшчык Ала Мацюшэўская і мастачкі Інга Карашкевич і Таццяна Удавічэнка, якія дапамагалі ёй, – імкнуліся патрапіць у стыль Марка Шагала, перадаць яго каляровую гаму так, каб персанажы, прадметы інтэр’еру, а таксама асновы для фонаў фільма перадавалі атмасферу яго твораў.
Эскізы выконваліся на адмысловай стужцы (ацетат) тэмпернымі фарбамі. Затым выявы сканаваліся, разразаліся, кампанаваліся і аніміраваліся. Так ствараўся свет, у якім ажылі героі гэтага фільма.
Уражанне-адчуванне аўтараў, што засталося ад працэсу працы над фільмам «Марк Шагал. Пачатак»,– унутраная ўсмешка. Усмешка, светлая энергетыка, радасныя эмоцыі грэюць знутры, дапамагаючы ўнутранаму сонейку свяціць усё ярчэй, натхняючы на пошук новых творчых ідэй і іх далейшае ўвасабленне.
Аўтарам вельмі хацелася, каб прадстаўленае на выставе падаравала ўсім яе наведвальнікам адчуванне святла, цяпла і радасці.