У Вільні пройдуць Скарынаўскія чытанні. Запрашаем да ўдзелу

Да ведама тых, хто цікавіцца супольнай гісторыяй Літвы і Беларусі, гісторыяй кнігі, у тым ліку “Кніжнай традыцыяй Вялікага Княства Літоўскага” і беларускага кнігадрукавання ў прыватнасці, паведамляем, што 15-18 лістапада ў Вільні адбудуцца чарговыя Скарынаўскія чытанні, прысвечаныя 500-годдзю выдадзенай ў 1517 годзе ў Празе першай друкаванай кнігі на старой усходнеславянскай мове. Прыняць удзел у Скарынаўскіх чытаннях можа любы жадаючы.


Праграма мерапрыемстваў:

15 лістапада (серада)

18:00 – у Літоўскай нацыянальнай бібліятэцы імя Марцінаса Мажвідаса адбудзецца прагляд кінафільма “Я, Францыск Скарына”, з Алегам Янкоўскім у галоўнай ролі, пастаўленага яшчэ ў 1969 годзе на кінастудыі “Беларусьфільм” (пр. Гедыміна 51);

16 лістапада (чацвер)

12:30 – да мемарыяльнай дошкі Францыска Скарыны, устаноўленай на сцяне дома па вуліцы Дзіджойі 19А, будуць ускладзены кветкі,
13:00 –  у царкве святой Параскевы Пятніцы (вул. Дзіджойі 2) адбудзецца ўрачыстае богаслужэнне памяці Францыска Скарыны,
14:00 – экскурсія па Віленскім універсітэце з наведваннем бібліятэкі і магчымасцю дакрануцца да адзінага ў Літве экзэмпляра, выдадзенага Скарынам у 1525 годзе ў Вільні, “Апостала” (вул. Універсітэта 3);

17 лістапада (пятніца)

10:00 – уласна чытанні з удзелам навукоўцаў Літвы, Беларусі, Польшчы і Расіі адбудуцца ў Вялікай зале Акадэміі навук Літвы (пр. Гедыміна 3);

18 лістапада (субота)

15:00 – урачыстае богаслужэнне памяці Францыска Скарыны ў
Вастрабрамскай капліцы (Аўшрос Варту, 14) завяршае праграму мерапрыемстваў.

Акрамя таго, падчас чытанняў будзе разгорнута выстава тэкстыльных вырабаў Алы Губарэвіч “Еўрапейскія шляхі Францыска Скарыны” (Мінск)

Чытанні арганізоўваюцца па ініцыятыве Беларускага клуба “Сябрына”  сумесна з Інстытутам літоўскай мовы і Асацыяцыяй беларусістаў Літвы пры падтрымцы і непасрэдным удзеле Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы, Дэпартамента нацыянальных меншасцей пры Ўрадзе Літоўскай Рэспублікі і Віленскага гарадскога самакіравання.

Тэлефон для даведак: +370 635 99979

Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны.
Шчыра запрашаем!