Майстар-клас “Сакрэты прыгожай выпечкі ад Кастуся Ларкова”

Да ўвагі наведвальнікаў нашае старонкі паведамляем, што ў суботу – 14 жніўня 2021 года – у Святліцы Дома нацыянальных аб’яднанняў (Raugyklos g. 25, I aukštas) мае адбыцца майстар-клас “Сакрэты прыгожай выпечкі ад Кастуся Ларкова”.

 

Спадар Кастусь, які родам з Віцебшчыны, вядомы сваімі ўнікальнымі хлеба-булачнымі вырабамі не толькі ў Беларусі, але і далёка па-за яе межамі.

А пачалося ўсё са звычайнай школьнай экскурсіі на мясцовы хлебазавод, на якім ён пасля і працаваў. Спачатку ў якасці пекара, пасля – майстра змены.

У 2015 годзе перабраўся ў Менск, а яшчэ праз год – у Вільню. І вось ужо звыш пяці гадоў радуе нас сваімі не толькі смачнымі, але і на дзіва прыгожымі пірагамі.

Зрэшты, лепш, кажуць, адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць.

А таму, шчыра раім Вам адкласці ўбок усе свае справы і выкраіць гадзінку-другую на тое, каб увачавідкі ў гэтым пераканацца.

Пачатак а 14:00.

Шчыра запрашаем!