26 чэрвеня 2021 года Беларускі клуб “Сябрына” запрашае на Купалле. Збор а 15:00 гадзіне на другім пляжы ў Валакампяй.
Традыцыя святкавання беларусамі Вільні Купальскага свята на адным з берагоў Віліі (Нярыс) са сплывам па рацэ ад Антокаля да Закрэту (ад Антакальніса да парка Вінгіс), заснаваная ў 1911 г. Беларускім музычна-драматычным гуртком у Вільні, які існаваў тут з 1911 па 1916 гг., была адроджана Беларускім клубам “Сябрына” яшчэ ў 2013-м.
Паводле класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Змітрака Бядулі, якія былі тады непасрэднымі ўдзельнікамі гэтага свята, “Уся Вілія ад Антокаля да Закрэтнага лесу была ў агнях… Па рацэ, акружанай з абодвух берагоў дзесяткамі тысяч людзей, плылі параходы, баркі і лодкі, прыбраныя зеленню, светачамі і разнаколернымі ліхтарэнькамі. Над імі ўзвіваліся ўгару іскраўкі (феерверкі), іскрыліся бенгальскія агні… (Змітрок Бядуля “Купалле ў Вільні”)”.
Сёння ў гэта цяжка паверыць, але і сумнявацца ў шчырасці гэтых слоў таксама няма падстаў – усё залежыць ад нас, ад нашай грамадзянскай пазіцыі, актыўнасці і вынаходлівасці. Галоўнае, душой і сэрцам не старэць!
Далучайцеся!
Шчыра запрашаем!
Рада “Сябрыны”