21 сакавіка віленскія беларусы ўзгадвалі Францішака Багушэвіча

У нядзелю – 21 сакавіка 2021 года – споўніўся роўна 181 год, як у фальварку Свіраны Віленскай губерні, у сям’і выхадцаў з дробнай шляхты Казіміра і Канстанцыі Багушэвічаў нарадзіўся і ў той жа дзень быў ахрышчаны ў рымска-каталіцкім касцёле ў Рукойнях будучы ўдзельнік паўстання 1863-1864 гг., абаронца пакрыўджаных і бяздольных, адвакат, грамадскі дзеяч, паэт, празаік, публіцыст і перакладчык, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Францішак-Бенядзікт Багушэвіч (ён жа “Мацей Бурачок” і “Сымон Рэўка з-пад Барысава”).

З гэтай нагоды па ініцыятыве Беларускага клуба “Сябрына” да мемарыяльнай дошкі, якая была ўстаноўлена ў 2010 годзе на сцяне па вуліцы Арклю 18 у Вільні, дзе жыў некалі заступнік сялянства і гарадской беднаты, былі ўскладзены кветкі, прагучалі вершы аўтара паэтычных зборнікаў “Дудка беларуская”, “Смык беларускі” і іншых яго выданняў, па творах класіка была праведзена віктарына.


Паэтка Ванда Марцінш душ Рэйш прачытала свой напісаны ёю адмыслова да гэтай даты верш, прысвечаны памяці паэта.

На завяршэнне ўрачыстасці яе ўдзельнікі былі запрошаны на кубачак гарачай духмянай гарбаты на свежым паветры, падчас якой адбылася шчырая непрымусовая размова пра значэнне і няпросты лёс літаратурнай спадчыны нашага суайчынніка.

Ванда Марцінш душ Рэйш

Ванда Марцінш душ Рэйш:

“Як я толькі нарадзіўся, бацька сказаў: кепска будзе!”

Здаецца, што і праз больш чым 180 гадоў пасля нараджэння Францішка Багушэвіча лёс працягвае пасылаць выпрабаванні нават тым, хто шчыра хацеў бы ўшанаваць яго памяць на дзень яго народзінаў – 21 сакавіка. У мінулым годзе перад самымі 180-мі ўгодкамі яго нараджэння ў Літве ўвялі жорсткі карантын і мы не здолелі правесці ўжо падрыхтаваных мерапрыемстваў. А ў гэтым годзе да карантыну (праўда ўжо не такога строгага) далучыліся снег ды мяцеліца. Але хоць і з сінімі ад холаду насамі але і кветкі прынеслі, і вершы пачыталі, і пару цёплых словаў сказалі ў адрас нашага славутага земляка.

А мяне напісаць нешта ў памяць класіка беларускай літаратуры натхніў яго верш “Хмаркі”:

“Хмаркі цёмныя, мае братанькі!

Вецер гоне вас без дарожанькі,

І нігдзе ж для вас няма хатанькі…

Адпачынеце аж у Божанькі!”

 

ФРАНЦІШКУ БАГУШЭВІЧУ

Глядзіць задумна з шыльды Багушэвіч,

Вітае дух, хоць знік дзе жыў ён дом.

Як птах крыло, расправіў годна крэвіч

Вусы пад вышываным рушніком.

Калісьць быў поўны маладосьці мараў.

А творчасць – сховань пэўная і цяж.

Ды без дарогі, быццам з верша хмару,

Гнаў злой нядолі вецер наўсцяж.

У гады выгнання, у краях далёкіх,

Як птушка ў неба рваўся ён сюды…

Удыхнуў радзімы дым, ды толькі

І Вільня не пазбавіла нуды.

Двор поўнілі мужыцкія падводы –

Малілася заступніку сяло –

І хоць было народ забіты шкода,

Усё яго знябытага гняло.

Нясцерпная мітусяніна места

І “водар” конскі – поту і мачы.

У сэрцы квелым думку-мару песціў –

У абдымкі ніў шумлівых уцячы.

Пляліся дні знямогла і панура.

Што думаў, чуў – гадаць давеку нам…

І дзякаваць, што залажыў падмурак

Пад роднай беларускай мовы храм!

Ванда Марцінш душ Рэйш