У Вільні пакажуць фільм Алеся Адамовіча “Ідзі і глядзі”

Да ведама наведвальнікаў нашае старонкі паведамляем, што заўтра – 3 жніўня – спаўняецца роўна 92 гады, як нарадзіўся вядомы беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч, член-карэспандэнт АН БССР, доктар філалагічных навук, прафесар, член Саюзу пісьменнікаў СССР (з 1957 г.), член Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1989 г.) Алесь Адамовіч, а 22 сакавіка б. г. споўнілася 75 гадоў Хатынскай трагедыі.

З гэтай нагоды 9 жніўня ў 18:30 у кінатэатры „Skalvija“ ў Вільні (Goštauto g. 2) адбудзецца паказ вядомага многім яшчэ з савецкіх часоў двухсерыйнага мастацкага кінафільма «Иди и смотри» пастаўленага ў 1985 годзе на кінастудыі “Мосфильм“, які заняў у тым жа годзе на Сусветным кінафестывалі ў Маскве першае месца і быў узнагароджаны залатым прызам (сцэнарый, у аснову якога пакладзены «Хатынская аповесць» і «Каратели…», належыць пяру Алеся Адамовіча і Элема Клімава).

Жадаючых далучыцца да прагляду гэтага фільма просім быць у кінатэатры загадзя (хвілін за 45 да пачатку сеанса).

Добрага прагляду!