Беларускі нацыянальны балет у Вільні прадставіць спектакль “Вітаўт”

28 студзеня Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь прадставіць жыхарам і гасцям Вільні нацыянальны балет “Вітаўт”.Спектакль “Вітаўт” з’явіўся ў рэпертуары Вялікага тэатра Беларусі ў 2013 годзе і стаў своеасаблівай візітнай карткай беларускага балета.

Ён пераносіць гледача ў часы Вялікага княства Літоўскага, месца дзеяння – Тракайскі і Крэўскі замкі. На сцэне ажывуць персанажы старадаўніх рукапісаў – Вітаўт і Ягайла, якія вядуць барацьбу за ўладу і, безумоўна, за каханне прыгажуні Анны.

У спектаклі спляліся міфы і паданні, любоў і нянавісць, здрада і адданасць, сяброўства і злосць, варожасць і мір…

Музыку да балета напісаў Заслужаны дзеяч мастацтв Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Кузнецоў. Харэограф-пастаноўшчык – народны артыст Беларусі Юрый Траян.

У 2014 годзе балет “Вітаўт” перамог у III Рэспубліканскім конкурсе тэатральнага мастацтва ў трох намінацыях: “Лепшы спектакль балета”, “Лепшая акторская работа ў спектакле балета” і “Лепшая работа балейтместера ў спектакле балета”.

У 2015 годзе калектыў Вялікага тэатра Беларусі за гэты спектакль атрымаў прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”.

Спектакль пройдзе ў канцэртнай зале “Simens Arena” 28 студзеня, пачатак а 19:00.

Білеты можна набыць на сайце Tiketa.lt ці ў касах.