Выстава “Бібліі Рускай Францыска Скарыны – 500 год”

У Віленскім Доме нацыянальных згуртаванняў праходзіць выстава, прысвечаная 500-годдзю Бібліі, выдадзенай Францыскам Скарынай. 

Выстава арганізавана Бібліятэкай імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы пры падтрымцы Літоўскага савета па навуцы і Міністэрства культуры Літоўскай Рэспублікі. Партнёрамі выступілі Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны музей Палац Вялікіх князёў Літоўскіх і Бібліятэка Віленскага ўніверсітэта.


500 год таму ў Празе Францыск Скарына пачаў друкаваць асобнымі кнігамі ім асабіста перакладзенае на царкоўнаславянскую мову Святое Пісанне – Біблію Руску. Да гэтага Біблія была надрукавана на некалькіх жывых мовах: італьянскай, нямецкай і чэшскай. Паколькі асобныя кнігі Старога Запавету Скарына суправаджаў прадмовамі, напісанымі ім на русінскай, у дадзеным выпадку на старабеларускай, мове, у гэты ганаровы рад – чацвёртай па ліку – можна запісаць і яго Біблію Руску.


Біблія Руска каштоўная не толькі з пункту гледжання гісторыі Святога Пісання. Яе тэксты і сёння ўражваюць гуманістычнымі, этычнымі і асветніцкімі памкненнямі выдаўца. Біблія Руска – каштоўны помнік літоўскага, беларускага і чэшскага кніжнага мастацтва. Пра ўсё гэта коратка расказваецца на стэндах выставы.

Акрамя таго, ёсць тры стэнды, якія адлюстроўваюць памяць пра Скарыну ў трох краінах: Літве, Чэхіі і Беларусі.