На пачатку лета віленскія беларусы сабраліся, каб узгадаць Алега Аблажэя, які памёр летась 18 мая 2016 года.
Валянцін Стэх: “Гэта быў чалавек, які задаваў тон іншым, чалавек, на якога можна было раўняцца.”
Яўген Кеппул: “Алег быў аптымістычным песімістам…”
Алег Мінкін: “З ім заўсёды было цікава сустрэцца, пагутарыць. Яго цікавіла літаратура, і не толькі беларуская, філязофія… Я прыязджаў да яго як да чалавека-энцыклапедыі.”
Алег Аблажэй – нараджэнец вёскі Лезнявічы, што на Дзятлаўшчыне. Займаўся жывапісам, акварэллю, ілюстраваў кнігі.
У яго афармленні ў Беларусі выйшлі творы В. Жуковіча «Гуканне вясны», Д. Бічэль-Загнетавай «Гараднічанка», у Маскве — «Шведскія казкі» Э. Хэмінгуэя, «Сербская паэзія», у Вільні — «Казка пра Султана» і інш.
У 1984—1986 гг. у Літве выдадзена серыя канвертаў з партрэтамі літоўскіх дзеячаў, аформленая Алегам Аблажэем, а таксама серыя паштовак. Маляваў таксама партрэты вядомых дзеячаў, краявіды. Любімай яго тэмай была жанчына ў фантастычных строях і проста жанчына. Яго працы выстаўляліся неаднаразова ў Літве, Польшчы, Нямеччыне, Эстоніі, Латвіі, Беларусі.
У Літве імя Алега Аблажэя вядома не толькі як мастака, але і як грамадскага дзеяча. Ён прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці «Саюдзіса», супрацоўнічаў з беларускімі арганізацыямі Вільні. Быў чальцом рады Таварыства беларускай культуры і суполкі мастакоў краін Балтыі «Маю гонар». Пісаў сатырычныя фельетоны для газеты «Рунь».
Алег Аблажэй доўгі час супрацоўнічаў з Беларускім Радыё Рацыя. На яго інтэрнэт-старонцы аўтар меў свой блог. Усе яго фельетоны можна пачытаць тут.
Выпуск перадачы “Віленскі сшытак”, прысвечаны памяці Алега Аблажэя