18-19 лістапада 2016 г. Беларускі клуб «Сябрына», Інстытут літоўскай мовы і Асацыяцыя беларусістаў Літвы разам з пасольствам Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы і Віленскім гарадскім самаўпраўленнем правялі Скарынаўскія чытанні «Кніжная традыцыя Вялікага Княства Літоўскага», прысвечаныя 525-годдзю беларускага першадрукара і заснавальніка першай у Вялікім Княстве Літоўскім друкарні Францыска Скарыны і 500-годдзю першай выдадзенай ім у Празе друкаванай кніжкі на старой усходнеславянскай (старой беларускай) мове.
Скарынаўскія чытанні распачаліся традыцыйным ускладаннем кветак да мемарыяльнай дошкі, прысвечанай першадрукару. Дом знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Дзіджойі і Сціклю – мяркуецца, менавіта тут Скарына надрукаваў “Малую падарожную кніжыцу” (1522 г.) і “Апостал” ( 1525 г.). І менавіта пра гэты дом ён напісаў: “Надрукавана ў доме паважанага мужа, слаўнага і вялікага бурмістра горада Вільні Якуба Бабіча”.
У афіцыйнай частцы Скарынаўскіх чытанняў бралі ўдзел прадстаўнікі беларускага пасольства ў Літве і супрацоўнікі віленскага гарадскога самакіравання. Спадарыня Вільма Шылалене, намесніца дырэктара адміністрацыі Віленскага гарадскога самакіравання, падкрэсліла, што мы “маем шчасце жыць у шматкультурным і шматрэлігійным горадзе і плануем надалей развіваць яго шматкультурнасць. Мы хочам, каб у гэтым горадзе маглі вольна жыць і тварыць прадстаўнікі самых розных нацыянальнасцяў”.
Падчас экскурсіі па Віленскім універсітэце, якая была часткай праграмы Скарынаўскіх чытанняў, удзельнікам канферэнцыі пашчасціла пабачыць знакаміты “Апостал” – адзіны ў Літве экзэмпляр, які захоўваецца ў бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта.
Першы дзень канферэнцыі закончыўся ўрачыстай імшой памяці Францыска Скарыны ў касцёле Св. апостала Балтарамея.
Непасрэдна чытанні праходзілі на другі дзень у Клубе пісьменнікаў Літвы. Удзельнікі слухалі даклады, прысвечаныя як Францыску Скарыне, так і кніжнай культуры ўвогуле.
Сігітас Нарбутас (Sigitas Narbutas), доктар гуманітарных навук, дацэнт з Літвы выступіў з дакладам “Русінская Біблія і яе сучаснікі – найбольш раннія выданні Літвы”, у якім разглядае яшчэ 53 кнігі, якія з’явіліся ў тыя ж часы, што і скарынаўскія. Даследчык вывучае кнігі, што выходзілі ў розных месцах, але сваім зместам так ці інакш звязаныя з Вялікім Княствам Літоўскім.
Прафесар Адам Мальдзіс засяродзіўся на маладаследаванных момантах з жыцця Францыска Скарыны ў Вільні ў 1520-х гадах і яго датычнасці да распрацоўкі Першага Статута ВКЛ (1529 г.)
Раман Лізагубаў (Расія), збіральнік антыкварных кніг, распавёў пра тое, якія кнігі кірыліцкага друку ХVI – XVIII стст. Вялікага Княства Літоўскага з’яўляюцца на антыкварна-букіністычным рынку Расіі і колькі могуць каштаваць.
Супрацоўнікі Музея беларускага кнігадрукавання ў Полацку Вера Ашуева і Наталля Анучына расказалі пра дзейнасць Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.
Цікавым быў даклад дацэнта пражскага ўніверсітэта Іллі Лямешкіна, які даследуе жыццё Скарыны, дакладней, гісторыю, звязаную з сынамі першадрукара – Францішакам і Сімяонам.
Канферэнцыі, прысвечаныя беларускаму першадрукару Францыску Скарыне, праходзяць у Вільні не першы раз і могуць стаць добрай традыцыяй. Прынамсі, у наступным годзе плануецца правесці яшчэ адну канферэнцыю, прысвечаную 500-годдзю выхаду ў свет скарынаўскай “Бібліі” (1517 г.).
Ларыса Шапавалава