Па дадзеных апошняга перапісу насельніцтва (2011 год) у Літве жыве крыху болей за 36 тыс. беларусаў. Гэта тыя жыхары краіны, што, з’яўляючыся грамадзянамі Літвы, у душы застаюцца беларусамі. Каб не згубіцца сярод іншых нацыянальнасцяў, не страціць сябе, захаваць сваю мову, культуру, традыцыі, многія з іх аб’ядноўваюцца ў нацыянальныя суполкі ды арганізацыі. Менавіта дзякуючы іх дзейнасці мы можам даведацца пра жыццё беларусаў у Літве.
Першай беларускай грамадскай арганізацыяй, заснаванай у Вільні пасля 1940 года, была “Сябрына”. Сёлета клуб адсвяткаваў сваё 25-годдзе.
Найбольш актыўны перыяд дзейнасці прыйшоўся на першыя гады пасля заснавання арганізацыі. Пазней дзейнасць арганізацыі трымалася на трох асноўных мерапрыемствах, якія клуб “Сябрына” арганізоўваў ці ў якіх браў удзел, на трох “кітах”: Купалле, Каляды і Свята беларускай песні ў Літве.
Гэтае і многае іншае, што было добрага ў жыцці клуба за 25 гадоў, згадвалася на юбілеі “Сябрыны”, што праходзіў у Доме нацыянальных згуртаванняў Літвы.
Сяброўскія ўсмешкі, дзіцячыя галасы і гукі музыкі дадалі ўдзельнікам свята добрага настрою, а прысутнасць першых сяброў клуба, многія з якіх ўжо ў даволі сталым узросце, надавала мерапрыемству ўрачыстасці і вяртала ўдзельнікаў свята да гадоў, калі дзейнасць “Сябрыны” толькі пачыналася.
Свае віншаванні беларускаму клубу перадалі міністр культуры Літвы Шарунас Біруціс і мэр Вільні Артурас Зуокас. На свята зазірнуў пасол Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын, павіншаваў прысутных і адразу пакінуў мерапрыемства – дзяржаўныя справы патрабавалі ягонай прысутнасці ў іншым месцы.
Але святочныя віншаванні на гэтым не скончыліся, а наадварот, толькі пачаліся: павіншаваць юбіляра сабраліся прадстаўнікі розных арганізацый, з якімі клуб плённа супрацоўнічае.
Бадай што самымі святочнымі і доўгачаканымі былі музычныя віншаванні ад розных беларускіх арганізацый Літвы.
Клуб па праву ганарыцца сваім вакальным ансамблем, які ўзначальвае зараз настаўніца Віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны Валянціна Кавальчук.
Старэйшых удзельніц ансамбля падчас святкавання юбілею ўзнагародзілі памятнымі граматамі.
Ансамбль “Сябрына” падрыхтаваў да свята вялікі канцэрт.
Музычны падарунак зрабілі клубу і вучні беларускай віленскай гімназіі:
Планамі на будучыню дзеліцца старшыня клуба Валянцін Стэх:
– “Сябрына” – гэта грамадская культурна-асветніцкая арганізацыя, якая была першай беларускай грамадскай арганізацыяй, заснаванай у Літве пасля 1940 г., і ўжо адно толькі гэта надае ёй статус знакавай арганізацыі ў найноўшай гісторыі літоўскіх беларусаў.
Галоўная задача клуба бачыцца нам у захаванні сваёй самабытнасці, сваіх нацыянальных звычаяў і традыцый, гісторыі і культуры, сваіх каранёў на гэтай зямлі. Разам з тым, нам лёсам наканавана прадстаўляць беларускую культуру ў Літве і культуру літоўскіх беларусаў (як асобнага рэгіёна ў замежжы) у Беларусі, быць свайго роду пасрэднікамі ў беларуска-літоўскіх і літоўска-беларускіх культурных зносінах.
Як і дагэтуль, будзем арганізоўваць Купалле і Калядкі, абавязкова будзем браць удзел у такіх мерапрыемствах, як Свята беларускай песні (сумесна з іншымі беларускімі калектывамі Літвы), Duonos šventė (Свята хлеба) і Žolinė (Зельная) – разам з Домам нацыянальных згуртаванняў Літвы.
Акрамя таго, пачынаючы з 2014 года, хочам увесці святкаванне на пастаяннай аснове Міжнароднага дня роднай мовы, які ва ўсім свеце адзначаюць 21 лютага.
Вельмі хацелася б таксама правесці ў наступным годзе Вечар памяці Рамана Вайніцкага; прэзентацыю кнігі “Тварам да шыбеніцы” Язэпа Янушкевіча, прысвечанай 150-годдзю паўстання 1863-1864 гг. і 175-годдзю з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага; Вечар беларускага раманса, адну-дзве экскурсіі па Вільні і/ці яе ваколіцах.
Як бачым, планаў у клуба “Сябрына” шмат. Застаецца толькі пажадаць плёну і імпэту ў выкананні ўсяго задуманага!
Ларыса Шапавалава