Сёлета ў беларускага клюбу “Сябрына” юбілей. Чвэрць стагодзьдзя таму супольнымі намаганьнямі віленчукі перамаглі савецкую бюракратычную машыну, афіцыйна зарэгістраваўшы напрыканцы траўня 1988 году першую ў пасьляваеннай літоўскай сталіцы беларускую грамадзкую арганізацыю. Адпаведныя значнай даце ўрачыстасьці меліся адбыцца сёлета напрыканцы траўня. Аднак пляны перакрэсьліла нечаканая гвалтоўная сьмерць старшыні Рады клюбу Рамана Вайніцкага. З гэтае ж прычыны было адкладзена і святкаванне Купальля.Надвячоркам 19 ліпеня ад імправізаванай прыстані ля колішняга вадзянога млына ў віленскіх Вэрках выправіўся сьледам за хвалямі Вяльлі пантонны кацер, поўны пасажыраў, якія, не зважаючы на не па-летняму халоднае й дажджыстае з раніцы надвор’е, на ўсю рачную ваколіцу сьпявалі “Купалінку”.
Гэткім чынам аднавіць сёлета старадаўнюю віленскую традыцыю сьвяткаваньня Янава дня вырашыла Рада Віленскага гарадзкога беларускага клюбу “Сябрына”: сто гадоў таму сталічныя беларусы пачыналі Купальле ўрачыстым спускам па рацэ Вяльлі ад Антокаля да Закрэтнага лесу (так тады называўся, а дзе-нідзе завецца й цяпер парк Вінгіс).
Купальле ў Вiльнi У купальскую ноч 23 чэрвеня ўвесь горад, ведаючы пра штогодняе святкаваньне беларусаў у Вільні, высыпаў на бераг Вяльлі паглядзець дзіўную казку наяву. I праўда, дзякуючы стараньню беларускага музычна-драматычнага кружка, гэтае вялікае свята зелені й агню штогод пякнее ды пякнее…Вачам ня верылася — здавалася, што гэта нейкая цудоўная мара…Уся Вяльля ад Антокаля да Закрэтнага лесу была ў агнях… Па рацэ, акружанай з абодвух берагоў дзясяткамі тысячаў людзей, плылі параходы, баркі й лодкі, прыбраныя зеленьню, сьветачамі й разнаколернымі ліхтарэнькамі. Над імі ўзьвіваліся ўгару іскраўкі (феерверкі), іскрыліся бенгальскія агні. Мелодыі музыкі I беларускага хору ўторыла шчырым віншаваньнем публіка зь берагоў. Прыехаўшы ў Закрэтны лес, гулялі тамака ўсю ноч, яшчэ захапіўшы ладны кавалак раніцы.Там зноў былі вогнішчы, музыка, беларускі хор, беларускія танцы, беларускія гульні й інш.Вельмі пекна выступалі беларускія дзявочыя ўборы.Словам, пазіраючы на гэту містэрыю, поўную хараства й паэзіі, душа бязьмежна весялілася… Агульны шчыры настрой абхапіў грамаду людзей, каторыя, забыўшы свае штодзённыя клопаты, увайшлі хоць на кароткі час ва ўладарнасьць праўдзівага шчырага паэтычнага настрою. Зьмітрок Бядуля, “Наша Ніва”, 1913 г. |
— У адраджэньні й захаваньні беларускіх народных звычаяў і традыцыяў, беларускага слова ў Літве бачу я гістарычнае значэньне й заслугу нашага клюбу перад грамадзкасьцю. Менавіта ў тым і палягае адна з задачаў нашага клюбу, менавіта праз гэта я бачу адраджэньне беларускай гісторыі, культуры, народных звычаяў і традыцыяў у Вільні, – упэўнены старшыня Рады “Сябрыны” Валянцін Стэх.
Пракаветны звычай шукаць Папараць-кветку ў начным лесе, сьпяваць і танчыць у паўзмроку ля вогнішчаў беларусы Літвы адрадзілі, як і шмат чаго іншага, пасьля “перабудовы”. Напрыканцы мінулага – напачатку новага тысячагодзьдзя пры ўдзеле сяброў іншых грамадзкіх арганізацыяў ды супрацоўнікаў урадавых інстытуцыяў сьвята штогод ладзілася ў розных мясьцінах: то на беразе возера ля Сьвянцянаў, то пад Падбродзьдзем, то ў турыстычным заказьніку “Немянчыне”. Сёлета беларускае Купальле вярнулася ў літоўскую сталіцу. Хай сабе й са спазьненьнем.
— Ад папярэдніх гэтае Купальле адрозьніваецца ў першую чаргу тым, што яно арганізоўваецца выключна клюбам, гэта значыць, асобна ад іншых беларускіх грамадзкіх арганізацыяў у Літве. Чаму? Не таму, што мы вырашылі адасобіцца, а таму, што так проста склаліся абставіны. Акрамя таго, разам з жыцьцём Рамана Вайніцкага абарваліся й усе напрацаваныя ім сувязі, – са скрухаю кажа Валянцін Стэх. – Я думаю, што “Сябрына” не павінна цурацца нікога, разам з тым яна павінна захоўваць сваю незалежнасьць. На ўмовах раўнапраўнасьці й узаемапавагі мы гатовыя й далей падтрымліваць нашыя стасункі, але менавіта на такіх, а ня іншых, умовах.
Гэткім чынам сёлета высьветлілася, што сябры адной асобна ўзятай суполкі здольныя фактычна на адным энтузіязме ўзнавіць прыгожы старадаўні звычай.
— Калі браць пад увагу спробу адрадзіць традыцыю сьвяткаваньня Купальля, то трэба разумець, што гэта свайго роду толькі проба крыла, пілотны праект, у рэшце рэшт, гэта разьведка боем, — прызнаецца Валянцін Стэх. –Калі гэта прыйдзецца даспадобы, то, безумоўна, мы й надалей паспрабуем ужо больш дасканала, больш своечасова рабіць гэта з тым, каб гэтая традыцыя атрымала ня толькі працяг, але й далейшае разьвіцьцё.
Сёлета ў беларускага клюбу “Сябрына” юбілей. Чвэрць стагодзьдзя таму супольнымі намаганьнямі віленчукі перамаглі савецкую бюракратычную машыну, афіцыйна зарэгістраваўшы напрыканцы траўня 1988 году першую ў пасьляваеннай літоўскай сталіцы беларускую грамадзкую арганізацыю. Адпаведныя значнай даце ўрачыстасьці меліся адбыцца сёлета напрыканцы траўня. Аднак пляны перакрэсьліла нечаканая гвалтоўная сьмерць старшыні Рады клюбу Рамана Вайніцкага.
— Безумоўна, Рамана мы будзем памятаць, і я так думаю, да гадавіны гэтай трагічнай падзеі мы зладзім Вечар памяці, — заявіў Валянцін Стэх. — Ня ведаю, якія яшчэ захады будуць прадпрыняты намі, каб гэты чалавек ня быў забыты.
Ладзіць сьвяточныя мерапрыемствы праз паўтара месяцы пасьля сыходу ў лепшы сьвет кіраўніка суполкі ніяк не выпадала. Болей за тое, першай, а значыць, шмат у чым узорнай для іншых беларускай грамадзкай арганізацыі стала пагражаць зьнікненьне. Каб прадухіліць верагодны развал суполкі, было вырашана ў адпаведнасьці са Статутам склікаць усеагульную пазачарговую канфэрэнцыю, што адбылася 6 чэрвеня ў Доме нацыянальных згуртаваньняў, роўна праз тры месяцы пасьля таго, як Рамана Вайніцкага ня стала. Старыя й новыя сябры арганізацыі адкрытым галасаваньнем абралі новую Раду “Сябрыны”, а яна ў сваю чаргу – новага кіраўніка. Ім ізноў – пасьля сямнаццаці гадоў перапынку – стаў адзін з ініцыятараў стварэньня суполкі й былы яе старшыня Валянцін Стэх. Перад новым старым кіраўніком клюбу стаіць няпростая задача зьберагчы й павялічыць “Сябрынаўскія” дасягненьні, а гэта апроч іншага й Купальле, і Каляды, і Сьвята беларускай песьні.
— Сапраўды, з тае пары, як я перадаў Раману Вайніцкаму “Сябрыну”, а гэта сталася прыблізна гэтай парою, летам 1996 году, мінула ўжо сямнаццаць гадоў, і за гэты час я ўжо адвык ад грамадзкай дзейнасьці, – прызнаўся Валянцін Стэх, – На сёньняшні дзень я – безь перабольшваньня кажу – раблю ў гэтым накірунку першыя крокі. Гэта й прыемна, гэта разам з тым і вельмі ня проста, таму што й час зьмяніўся, і я не памаладзеў, а ўсё гэта накладвае свой адбітак. Ня ведаю, наколькі прыйшлася ці прыйдзецца даспадобы вось гэтая ідэя сплыву па рацэ. Сама ідэя ня новая: беларусы Вільні гэтак сьвяткавалі Купальле сто зь лішкам гадоў таму. Але зь цягам часу гэта ўсё было забыта, і вось толькі дзякуючы таму, што гэты год юбілейны ў сэнсе прэм’еры камэдыі Янкі Купалы “Паўлінка”, я, шукаючы інфармацыю пра гэтую пастаноўку, зусім выпадкова натыкнуўся на зьвесткі аб тым, што Купальле ў Вільні менавіта вось так адзначалася, прычым адзначалася яно вельмі актыўна, пры ўдзеле вялікай колькасьці людзей. Як расказвае пра гэта Зьмітрок Бядуля, усе берагі Вяльлі былі ўсыпаныя людзьмі, жыхарамі нашага гораду, якія прыходзілі адмыслова дзеля таго, каб падзівіцца на гэтае сьвята, палюбавацца і ўзяць удзел, у рэшце рэшт. Канкрэтнага пляну далейшых мерапрыемстваў у нас пакуль што няма, але калі ў цэлым гаварыць пра накірункі дзейнасьці “Сябрыны”, то мне яны бачацца ў тым, каб ня толькі Купальле й Калядкі сьвяткаваць. У нас ёсьць шмат іншых тэмаў, якія вымагаюць ад нас ажыцьцяўленьня. Да прыкладу, вывучэньне нашай культурнай і гістарычнай спадчыны ў Вільні. Мы жывем у Вільні, мы ходзім яе вулкамі, мы дыхаем яе паветрам, але ці шмат мы пра яе ведаем? Ці шмат мы ведаем пра беларускі сьлед, пакінуты ў яе гісторыі? Ёсьць спадчына палякаў, немцаў, рускіх у Літве, але чамусьці нідзе ні слова не гаворыцца пра спадчыну беларусаў у гэтай краіне. Як гэта можна сабе ўявіць на мяжы менавіта беларуска-літоўскага этнасу? Тут ня можа быць выключна літоўскай культуры, выключна беларускай ці якой іншай. Гэта горад поліэтнічнай культуры, які ўвабраў у сябе культуры многіх народаў: літоўскага, польскага, рускага, нямецкага, габрэйскага, татарскага, караімскага, у тым ліку й беларускага.
…Шмат хто з пасажыраў пантоннага кацера плыў па Вяльлі ўпершыню ў жыцьці, а зь берагоў сталічныя жыхары, як і сто гадоў таму, са зьдзіўленьнем і добразычлівымі ўсьмешкамі праводзілі іх крыху зайздроснымі позіркамі. Рачное падарожжа даўжынёю амаль у пятнаццаць кілямэтраў пад дзевяцьцю сталічнымі мастамі завершылася ля дзясятага – пешаходнага, што злучае Закрэт і Зьвярынец. І традыцыйнае купальскае вогнішча, на якім гатавалася гарбата з духмянай мяты, запачаткавала новы этап жыцьцядзейнасьці Віленскага гарадзкога беларускага клюбу “Сябрына”.
Сяржук Гаўрыленка,
газэта «Рунь»
У тэксце выкарыстаны фотаздымкі Валянціны Кавальчук,
падпісаныя Валянцінам Стэхам