Склад Рады клуба:
– Адамовіч Ганна;
– Віршычэне Вера;
– Іванова Валянціна;
– Кавальчук Валянціна;
– Стэх Валянцін (старшыня).
Гістарычная даведка
Дазвол арганізаваць у Вільні беларускі клуб быў атрыманы вясной 1987 года. Аднак зарэгістраваць клуб атрымалася толькі праз год, у канцы мая — пачатку чэрвеня 1988 года. «У 1987 годзе яшчэ не было назвы «Сябрына». Яе пранаваў аднойчы ў прыватнай бяседзе ці то Лявон Луцкевіч, ці то Аляксей Анішчык — цяпер ужо цяжка сказаць дакладна, хто. У 1988 годзе беларускі клуб ужо рэгістравалі пад назвай «Сябрына»,— узгадвае Валянцін Стэх, адзін з арганізатараў клуба.
Клуб пачаў сваю дзейнасць даволі актыўна: ладзіліся сустрэчы з беларускімі паэтамі, пісьменнікамі, гісторыкамі, выканаўцамі аўтарскай песні. Першае мерапрыемства, арганізаванае клубам, праходзіла ў Палацы прафсаюзаў — гэта была сустрэча з акторамі Купалаўскага тэатра.Пра тое, як усё пачыналася, згадваецца ў дакументальным фільме «Тут лунае дух Скарыны» (З архіву перадачы «Віленскі сшытак», LRT, 2008 год):
Увосень 1988 года былы саліст Літоўскай філармоніі Юры Зімніцкі арганізаваў і ўзначаліў беларускі хор, які дзейнічаў пры клубе. Дапамагала яму ў гэтай справе дачка — выкладчыца тагачаснай Літоўскай кансерваторыі (зараз — Акадэмія музыкі і тэатра), канцэртмайстар Таццяна Зімніцкая (па мужу Скарэне).29 сакавіка 1989 года ў эфіры прагучала першае «Беларускае слова на хвалях Літоўскага радыё». Тэмай першай перадачы стаў рэпартаж са шматлюднага мітынгу на Лукішскай плошчы, прысвечанага чарговым угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі. 27 траўня 1990 гада на першым канале Літоўскага тэлебачання ў эфір выйшла першая беларуская тэлеперадача «Запрашае «Сябрына» (зараз называецца «Віленскі сшытак»). 25 сакавіка 1991 года на другой праграме Літоўскага радыё з’явілася перадача «Навіны для беларусаў Літвы» — 10 хвілін штодзённых навінаў у прамым эфіры. На жаль, сёння гэта перадача ўжо не выходзіць.
Гучала беларускае слова і з газетных старонак: у газетах «Советская Литва» і «Czerwony Sztandar» друкаваліся беларускія старонкі («Сябрына», «Пагоня»). Натуральна, цяпер гэтыя газеты не выходзяць.
У 1994 годзе была адкрыта беларуская школа ў Вільні. Беларускую групу ў дзіцячым садку таксама ўтварылі, але праіснавала яна нядоўга.
Першы старшыня «Сябрыны» — Мікалай Матач. За ім арганізацыяй кіраваў Валянцін Стэх, потым — Раман Вайніцкі. Пасля смерці Вайніцкага ў 2013 годзе, кіраўніком «Сябрыны» зноў абралі Валянціна Стэха.