З нагоды чарговага Дня нацыянальных
супольнасцей Літвы 21 траўня 2019 г. Дэпартамент нацыянальных меншасцей пры Ўрадзе Літоўскай Рэспублікі ўзнагародзіў Андрэя Старавойтава каштоўным падарункам – імянным наручным гадзіннікам, з чым мы, ад імя Беларускага клуба “Сябрына”, ад усёй душы віншуем яго і жадаем далейшага плёну ў працы і поспехаў у асабістым жыцці.
Андрэй Старавойтаў нарадзіўся ў Беларусі, але ўжо больш як 25 гадоў жыве ў Літве.
Яшчэ да перасялення, ад самых першых крокаў “Сябрыны”, ён, бываючы ў
Вільні, часта заходзіў да нас, браў удзел у нашых мерапрыемствах, цікавіўся жыццём у Літве. Пазней, калі сам стаўся яе жыхаром, яшчэ больш уцягнуўся ў грамадскае жыццё беларусаў Літвы, зацікавіўся беларускімі радыёперадачамі.
Звыш дзесяці гадоў Андрэй Старавойтаў працаваў карэспандэнтам беларускай рэдакцыі польскага радыё „Polonia“, а з 2010 г. і па сённяшні дзень выконвае абавязкі рэдактара і вядучага прызначанай для беларусаў Літвы радыёперадачы “Тутэйшы час” на літоўскім радыё, якая ў першую чаргу адлюстроўвае жыццё беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы і вызначаецца, на нашу думку, чысцінёй, высокай якасцю гучання і талерантнасцю.
Нагадваем, што рыхтуемая сп. Андрэем перадача гучыць у эфіры па аўторках, а 14.00 гадзіне, на хвалі 105,1 FM.
Акрамя таго, Андрэй Старавойтаў у вольны ад працы час займаецца
рэстаўрацыяй старых і ажыццяўленнем новых гуказапісаў, прычым на такім высокім узроўні, пра які іншыя могуць толькі марыць.
Так трымаць, сп. Андрэй!